Учреждение культуры
«Кобринский военно-исторический музей
имени Александра Васильевича Суворова»

 
Главная » Статьи » Гарадзечненская бітва 1812 г., яе вынікі і ўшанаванне
на правах рекламы

Гарадзечненская бітва 1812 г., яе вынікі і ўшанаванне

Автор: Museum от 16-08-2012, 17:18
Несцярчук Леанід Міхайлавіч ,
кандыдат гістарычных навук,старшыня Брэсцкага
міжраённага грамадскага аб’яднання імя Т. Касцюшкі г.Брэст.
Дакалд на канферэнцыі “Айчынная вайна 1812 года ў гісторыі Беларусі” 21.07.2012 г.Кобрын.

“Гарадзечненская бітва 1812 г., яе вынікі і ўшанаванне”

Расійскі імператар Аляксандр І, уся грамадскасць Расіі лічылі, што пасля перамогі пад Кобрынам 3-я расійская армія замацуе поспех, створыць пагрозу для тыла французскай арміі і прымусіць Напалеона спыніць праследаванне армій Барклая-дэ-Толі і Баграціёна. Гістарыёграф А.А. Каспары у сваім сачыненні піша, што “лёс прадаставіў Тармасаву гонар у цяжкую для Расіі хвіліну першаму суцешыць сваіх суайчыннікаў радаснай весткай” [1, с. 33].

У сваім рэскрыпце Барклаю-дэ-Толі ад 18 (30) ліпеня 1812 г. Аляксандр І піша, што “данясенне Тармасава абвяшчае таксама не толькі аб знагамітай сама па сабе перамозе, але … падае цвёрдую надзею на шчаслівае заканчэнне цяперашняй кампаніі” [2, с. 2].

Расійскі сенатар І.М. Лангінаў пісаў 17 ліпеня (8 жніўня) 1812 г. нядаўняму паслу ў Лондане гр. С.Р. Варанцову, што “Справа Тармасава пад Кобрынам – адна з бліскучых. Калі ен будзе так паспяхова працягваць, то, магчыма, … прывядзе да перамогі” [1, с. 34].

Але, як бачна, аптымістычныя спадзяванні расійскіх кіруючых колаў не спраўдзіліся. Поспехі, атрыманыя Тармасавым былі часовымі. Напалеон хутка разгадаў ягоныя замыслы і тэрмінова загадаў галоўнакамандуючаму аўстрыйскім дапаможным корпусам ген. кн. Карлу Шварцэнбергу, які знаходзіўся ў Нясвіжы, спыніць праследаванне 2-й расійскай арміі Баграціёна, павярнуць на Слонім і там далучыць армію Рэнье, які з асноўнымі сіламі знаходзіўся на той час у м. Хомск.

Аб’яднанне карпусоў Рэнье і Шварцэнберга адбылося, як і прадпісваў Напалеон, у Слоніме 22 ліпеня (3 жніўня) 1812 г. [3, с. 325].

Такім чынам, у французскай арміі стварылася войска ў 40 тысяч чалавек, якое рушыла на Пружаны, дзе знаходзіўся авангард Тармасава пад камандай ген. гр. Ламбэрта.

Ламбэрт быў атакаваны буйнымі сіламі Рэнье і адступіў з крывапралітнымі баямі па гасцінцы Пружаны-Клетнае-Козій Брод да Гпрадзечна, страціўшы пад Козім Бродам гармату, але на некалькі дзён затрымаўшы армаду аўстра-саксонцаў і даў магчымасць Тармасаву сканцэнтравацца пад Гарадзечна для генеральнай бітвы.

30 ліпеня (11 жніўня) 1812 г. да расійскай пазіцыі пад Гпрадзечна падыйшлі войскі Рэнье і Шварцэнберга, якія налічвалі каля 40 тысяч воінаў. Тармасаў меў толькі 18 тысяч чалавек. Прычынай такога аслаблення арміі паслужыла вылучэнне і накіраванне на Пінск і Хомск атрадаў пад камандаваннем генералаў Мелісіна, Чапліца і кн. Хаванскага [4, с. 316].

Гэтага ж дня аўстрыйскія войскі Шварцэнберга (пях. дывізіі генералаў Біянкі, Траўтэнберга і кав. дывізія ген. Фрымона) падыйшлі да м. Гарадзечна і разгарнуліся насупраць расійскіх войскаў. Крыху пазней да Гарадзечна падыйшла аўстрыйская дывізія ген. Зігенталя. Шварцэнберг паставіў у рэзерве 7-га корпуса ген. Рэнье, дівізіі якога пад камандай генералаў Функа, Лекока, Поленца і Гогенцолерна, стаялі ўжо тут.

Тармасаў выбраў пазіцыю пад Гарадзечна не выпадкова, бо палічыў яе непрыступнай для ворагаў, бо забалочаная пойма ракі Гарадзечанкі раздзяляла варожыя бакі сваёй непыступнасцю.

Пазіцыя пад Гарадзечна толькі на першы погляд здавалася непрыступнай. На самай справе 30 ліпеня саксонскі патруль выпадкова натрапіў на грэблю па дарозе Шэрашава-Кобрын на левым флангу расійскай арміі. Менавіта, гэтую сітуацыю выкарыстаў ген. Рэнье, загадаўшы патаемна ўладкаваць грэблю для праходу артылерыі і кавалерыі саксонцаў, каб абыйсці левы фланг, ударыць і разарваць расіян на часткі і знішчыць.

Шварцэнберг, які, паводле загада Напалеона, з’яўляўся галоўнакамандуючым аб’яднанымі аўстара-саксонскімі войскамі, ухваліў план Рэнье. Было дамоўлена, што аўстрыйцы будуць дэманстраваць імітацыю атак на грэблях па дарогах з Гарадзечна і Паддубна на Кобрын.
Тармасаў разгадаў замысел Рэнье і паспеў загарадзіць грэблю з Шарашова ўмоцненымі атрадамі.

Фронт баявых дзеянняў пад Гарадзечна займаў прастору каля 10 км у глыбіню і шырыню паміж вв. Паддубна, харкі, Заўжоўе, Тэўлі Шчарчова. Цяпер гэтая тэрыторыя суцэльна пакрыта лясамі, а тады тут былі равы, даліны, палеткі, рэчушкі, пясчаныя ўзвышшы.

На наступны дзень 31 ліпеня (12 жніўня) 1812 года адбылося сражэнне 3-й расійскай арміі з аўстра-саксонскімі карпусамі, увайшоўшае ў гісторыю і высечанае на мармуровай пліце 6-й сцяны храма Хрыста Збавіцеля ў Маскве, як Гарапдзечненскае сражэнне.

З усходам сонца саксонскія патрульныя атрады праз грэблю каля в. Паддубна ўварваліся на пазіцыі расіян, але ген. Каменскі адкінуў саксонцаў са сваіх пазіцый.

Затым ген. Рэнье ўсім сваім корпусам наваліўся на грэблю па дарозе з Шарашова на Кобрын, без перашкоды перайшоў яе і ўпёрся ў левы фланг арміі Тармасава, які толькі апоўдні даведаўся аб небяспечнай сітуацыі і накіраваў дывізію ген. Шчарбатава, такім чынам спыніўшы на кароткі час націск саксонцаў.

Тым часам Тармасаў усе галоўныя сілы арміі перакінуў на левы фланг, каб спыніць наступленне корпуса Рэнье, які зрабіў памылку, выстраіўшы ўсе наяўныя сілы супраць пазіцыі расіян і накіраваў у абход Тармасава два палкі.

Тармасаў загадаў Паўлаградскаму гусарскаму палку імкліва адступіць каб у бок Тэўлей, каб зацягнуць саксонцаў у глыбіню сваіх пазіцый і адарваць ад іх ад асноўных сіл і знішчыць. Саксонцы былі поўнасцю парубаны, частка захоплена ў палон, астатнія пабеглі назад.

Знішчэнне двух непрыяцельскіх палкоў цалкам забяспечвала левы фланг ад наступлення саксонцаў і давала шанец Тармасаву захаваць шлях для адступлення арміі.

Пасля поўдня саксонская дывізія ген. Функа пад націскам расіян вымушана была перайсці да абароны сваіх пазіцый, але ў хуткім часе перайшла зноў у паступленне, атрымаўшы ад Шварцэнберга некалькі палкоў з дывізіі ген. Біянкі. Закіпеўшая схватка не прынесла поспеху для саксонцаў, таму Рэнье ў трэці раз ужо пад вечар павёў свае палкі ў атаку. На гэты раз пяхотны полк ген. Каларада прабраўся праз усё балота і выйшаў на пазіцыі расіян, але Уладзімірскі пяхотны полк пад камандай ген. Бернадоса штыкавой атакай адкінуў саксонцаў і знішчыў у балоце [4, л. 265].

У самым канцы бітвы ген. Шварцэнберг некалькі разоў рабіў спробу выступіць і атакаваць расіян праз грэблю каля м. Гарадзечна, але кожны раз ягоныя атакі былі адбіты. Захад сонца, стомленасць войскаў прымусілі Шварцэнберга і Рэнье ў 10 гадзін вечара спыніць бітву.

У рапарце імператару Аляксандру І Тармасаў пісаў, што “непрыяцель, страціўшы ўсе намаганні, вымушаны быў пакінуць месца сражэння, … а на заўтра прадпрыняла свій марш на Кобрын для прыкрыцця лініі сваіх зносін” [5, с. 595].

Каб зберагчы армію ад разгрома, выйграць час, увесці Шварцэнберга ў зман, Тармасаў загадаў сваім камандзірам падрыхтаваць і выставіць на полі бітвы макеты гармат, жывой сілы, коней, а сам патаемна рушыў на Валынь.
Адступленне 3-й расійскай арміі з тэрыторыі Гродзенскай губерні дыктаваўся яшчэ і тым, як пісаў у рапарце Тармасаў ваеннаму міністру, што “… край гэты … абсалютна разрабаваны, усё пуста. Жыхары пахаваліся ў лясах, нападаючы на транспарт і войскі, захопліваючы кур’ераў… Транспарціроўка запасаў … праз прыпяцкія балоты … амаль немагчымая. Гэтыя меркаванні прымусілі мяне ўступіць у межы Валынскай губерні” [5, с. 592].

Акрамя таго, адкрыты сабатаж жыхароў Гродзенскай губерні не дазваляў нармальна забеспечыць расійскую армію правіянтам.

Каля вёскі Стрыгава саксонцы дагналі адступаючых расіян і разбілі іхні ар’ергард, але Тармасаву з баямі каля вв. Дывін, Навасёлкі, Сумары, Выжва і інш., удалося адарвацца ад насядаючых аўстра-саксонцаў і заняць першапачатковыя пазіцыі за р. Стыр на Валыні [6, с. 397].

У такім становішчы войскі абодвух варожых бакоў заставаліся на Валыні да прыбыцця Дунайскай арміі адм. П.В. Чычагава ў пачатку верасня 1812 г.

У бітве пад Гарадзечна расійская армія і аўстра-саксонскія карпусы мелі вялікія страты. Паводле рапарта Тармасава імператару Аляксандру І “…непрыяцель страціў больш за 5 тысяч забітымі і раненымі. З нашага боку страты склалі каля 1500 чалавек” [7, лл. 34-43].

Імператар Аляксандр І высока ацаніў баявыя заслугі воінаў 3-й Заходняй арміі ў бітве пад Гарадзечна і па хадайніцтву Тармасава ўзнагародзіў рознымі адзнакамі баявой славы 379 генералаў, афіцэраў і 233 ніжніх чыноў [8, лл. 761-767].

У сваю чаргу Напалеон за паспяховыя вынікі Гарадзечненскай бітвы ўнёс хадайніцтва Венскаму Двару прысвоіць кн. Шварцэнбергу званне генерал-фельдмаршала [9, с. 239].

Галоўныя вынікі бітвы пад Гарадзечна: для Напалеона выгада ў тым, што 3-я расійская армія не змагла прарвацца ў тыл французаў, для Аляксандра І – з галоўнага тэатра ваенных дзеянняў адышлі два вялікія карпусы Рэнье і Шварцэнберга.

У 1825 г. ва ўшанаванне памяці аб ахвярах Гарадзечненскай бітвы у м. Гарадзечна была пабудавана і ў 1825 г. асвечана Св.-Пакроўская царква, у савецкі час разбурана, у 1991 г. адноўлена ўдзячнымі жыхарамі.

У 1914 г. каля в. Паддубна пабудавана капліца “Доблесным продкам, палеглым у бітве пад Гарадзечна 1812 года 31 ліпеня”, у савецкі час таксама разбурана, адноўлена ў 1994 г. на дзяржаўныя сродкі.

У 1912 г. на брацкай магіле расійскіх, саксонскіх і аўстрыйскіх воінаў, палеглых у бітве пад Гарадзечна, што размешчана каля в. Харкі, паводле распараджэння Гродзенскага губернатара, быў устаноўлены крыж, які прастаяў да 1970-х гадоў, а да 150-годдзя Гарадзечненскай бітвы ў 1962 г. каля в. Паддубна была ўсталявана бетонная стэла з мемарыяльнай дошкай.

Цяпер мною накіравана хадайніцтва ва Упраўленне Мінабароны Беларусі па ўвекавечанні абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў, а таксама Пружанскаму райвыканкаму і Генеральнаму консульству Расіі ў Брэсце, каб брацкую магілу каля в. Харкі прызнаць воінскім пахаваннем і ўстанавіць на ёй мемарыяльны знак.

Ініцыятарам аднаўлення Св.-Пакроўскай царквы ў в. Гарадзечна (1991 г.) і помніка-капліцы “Доблесным продкам, палеглым у бітве пад Гарадзечна 1812 года 31 ліпеня” (1994 г.) з’яўляўся аўтар гэтага даклада.

____________________
1. Абалихин В.С. Отечественная война 1812 года на юго-западе России. – Волгоград, 1987.
2. Сборник исторических материалов, извлеченных из архива собственной ЕИВ канцелярии. – СПб., 1889. – Выпуск ІІ.
3. Богданович М.И. История Отечественной войны 1812 г. по достоверным источникам. – СПб., 1859. – Т.2.
4. Дзяржаўны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусь у Гродне. – Ф. 17. - Воп. І. - Спр. 521.
5. Двенадцатый год. Исторические документы собственной канцелярии Главнокомандующего 3-й Западной армии ген. А.П. Тармасава. – СПб., 1912.
6. Бутурлин Д. История нашествия Наполеона на Россию в 1812 г. – СПб., 1838.
7. Центральный государственный исторический архив в Санкт-Петербурге. – Ф. 259. – Оп. 1. – Д. 368.
8. Тамсама. – Ф. 496. – Оп. 1. – Д. 21.
9. Михайловский-Данилевский А.И. Описание Отечественной войны 1812 года. /ПСС. – СПб., 1850.
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.

Комментарии:

Оставить комментарий
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.