Учреждение культуры
«Кобринский военно-исторический музей
имени Александра Васильевича Суворова»

 
Главная » Статьи » Асобы з Беларусі на баку французаў падчас вайны 1812 года.
на правах рекламы

Асобы з Беларусі на баку французаў падчас вайны 1812 года.

Автор: Museum от 16-08-2012, 17:12
Швед Вячаслаў Вітальевіч
Прафесар, доктар гістарычных навук, Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы.
Дакалд на канферэнцыі “Айчынная вайна 1812 года ў гісторыі Беларусі” 21.07.2012 г.Кобрын.

Асобы з Беларусі на баку французаў падчас вайны 1812 года.

Вайна 1812 года падзяліла беларускае грамадства на дзве часткі. Адна на чале з М.-К. Агінскім спадзявалася на адраджэнне ВКЛ з дапамогай расійскага імператара Аляксандра І. Другая свае надзеі на аднаўленне радзімы звязвала з “пасланцам Нябёс” і “Вялікім пераможцам” Напалеонам І . Мы раскажам пра асобаў, якія прымалі ўдзел у вайне 1812 года на баку французаў. А паколькі ў адным, абмежаваным аб’ёмам, артыкуле не магчыма расказаць пра ўсіх, дык абмяжуемся найбольш значнымі асобамі з заходняга рэгіёна, па якому ў нас ёсць болей факталагічнага матэрыяла.

Першага ліпеня выйшаў загад Напалеона аб арганізацыі ўлады ў Літве:
§ 1. Прызначаецца Часовы Урад Вялікага княства Літоўскага, які складаецца з 5 членаў і генеральнага сакратара.
§ 2. Камісіі Часовага Урада ВКЛ давяраецца кіраванне фінансамі края, дастаўка правіянта, арганізацыя мясцовага апалчэння, народнай гвардыі і жандармерыі.
§ 3. Пры камісіі Часовага Урада ВКЛ будзе састаяць імператарскі камісар.
§ 4. Губерні Віленская, Горадзенская, Мінская і Беластоцкая будуць у сваю чаргу ўпраўляцца асобнымі камісіямі, якія складаюцца з 3 членаў пад кіраўніцтвам інтэнданта» .

Створаная Камісія Часовага Урада (далей КЧУ) ВКЛ замяніла ўстановы польскай канфедэрацыі сваімі органамі кіравання знізу да верху: ад вёскі да сталіцы ў Вільне. КЧУ стала вышэйшым урадавым органам, улада якога распаўсюджвалася на значную тэрыторыю былога ВКЛ да 1793 г. Яна ахоплівала Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губерні і Беластоцкую вобласць (яны сталі называцца на французскі ўзор дэпартаментамі) і складала тэрыторыю ў 3787 кв. міль з насельніцтвам у 1333889 душ муж. полу (па другім дадзеным 2,5-3,5 млн. чал.). ВКЛ 1812 г. мела 31 павет (дыстрыкт), некаторыя з якіх былі заняты рускімі войскамі ўвесь час вайны, а частка дэпартамента Гродзенскага ў кастрычніку была занята войскамі адмірала П.В.Чычагава. Так што ўвесь час пад уладаю КЧУ ВКЛ было каля 17 паветаў, з якіх 4 ужо ў лістападзе адышлі да Расіі .

КЧУ ВКЛ складалася з калегіі старшынь шасці камітэтаў (схема). Ніжэй падаем характарыстыку гэтых асоб:

Грабоўскі Стэфан Тамашавіч (26 ці 24.06.1767, Асташын пад Навагрудкам – 10.05 ці 4.06.1847) – у жніўні 1812 замяніў на пасту старшыні ваеннага камітэта А. Сапегу ў званні генерал-маёра. У 1781 г. быў капітанам, у кампаніі 1792 г. – падпалкоўнікам, камандзірам 7-га пяхотнага палка. Актыўна ўдзельнічаў у паўстанні 1794 г. Кіраваў паўстанцкімі атрадамі ў бітвах пад Нямеччынам, Палянамі, Соламі. Ажыццявіў дыверсійны рэйд на тэрыторыю Міншчыны. Трапіў у палон і быў сасланы ў Кастрамскую губ. Павел І вызваліў яго 29.11.1797 г. У Княстве Варшаўскім быў сакратаром агульнай Рады міністраў. Зімою 1811-1812 г. Грабоўскі разам з А.Чартарыйскім распрацоўваў праект аднаўлення ВКЛ. У жніўні 1812 г. быў маршалкам Брэсцкага ваяводства, займаўся аднаўленнем войска ВКЛ. Пасля паражэння французаў адбыў за мяжу і не вярнуўся, за што яго маёнткі Дзяргелі (369 душ м.п.) у Ваўкавыскім пав. і Церабунь (347 душ) у Брэсцкім пав. падлягалі канфіскацыі. Пасля амністыі жыў у Пецярбурзе. У 1815 г. стаў дырэктарам ваеннага дэпартамента. Па ініцыятыве Чартарыйскага падрыхтаваў мемарандум аб арганізацыі Ваеннай Камісіі (1815) і ў 1816 г. увайшоў у яе, як кіраўнік ІІІ секцыі. У 1820 г. стаў сябрам Дзяржаўнай рады, падрыхтаваў праект аб вольнасці друку. У 1822 г. стаў міністрам, статс-сакратаром КП. Дапамагаў Любецкаму ў яго планах адраджэння эканомікі Польшчы, у 1823 г. прыклаў намаганні да паспяховых перамоў з рускім міністрам фінансаў Канкрынам, якія далі польскай прамысловасці усходнія рынкі; зрываў інтрыгі імперскага камісара Навасільцава ў СПб. У 1826 г. атрымаў чын генерала дывізіі і ўдзельнічаў у руска-турэцкай кампаніі 1828–1829 г. Пасля Лістападаўскага паўстання заставаўся на пасадзе сябры Дзяржаўнай рады, у чыне сапраўднага тайнага дарадцы. У 1839 г. выйшаў у адстаўку ў чыне генерала лейб гвардыі, узнагароджаны вышэйшымі царскімі ардэнамі. Вярнуўся ў свой маёнтак Церабунь, які перадаў свайму пляменніку Вільгельму, бо сам не быў жанаты. Памёр у Варшаве пасля кароткай хваробы .

Ельскі Францішак (1738-1821) – старшыня судовага камітэта (з канца ліпеня 1812 да ліпеня 1813), граф. Палкоўнік і гродзенскі падстолій (1777-1780), старадубскі падкаморы (1780-1796), маршалак Літоўскага галоўнага трыбунала (1783). У час паўстання 1794 г. быў чальцом Цэнтральнай літоўскай дэпутацыі (паўстанцкі ўрад ВКЛ), намеснікам старшыні скарбавага аддзела Найвышэйшай нацыянальнай рады (16.08), старшынёй адміністрацыі нацыянальнага крэдыта (7.10). Эміграваў, але пасля амністыі Паўла І вярнуўся на радзіму. У 1812 г. спачатку як чалец Камісіі Часовага ўрада дапамагаў Сапезе і Серакоўскаму. Атрымаў ад Напалеона крыж Ганаровага Легіёна. Пасля амністыі вярнуўся дадому, дзе яму вярнулі маёмасць у Пінскім уездзе .

Касакоўскі Юзэф-Ігнаці (1757-1829) – генеральны сакратар Камісіі Часовага ўраду ВКЛ (з 15.07 паседжанні адбываліся ў яго доме). Сын навагруцкага падстолія служыў у гвардзейскай пяхоце ВКЛ (1775-1776), вучыўся ў варшаўскай Школе піяраў (1777). Быў служачым у канцыляры І.Борха і віленскага біскупа Ю. Касакоўскага (1780-82). Актыўны ўдзельнік падрыхтоўкі паўстання 1794 г., сакратар аддзела бяспекі Віленскай паўстанцкай рады. З 1795 г. сябра Літоўскай адукацыйнай камісіі і далей быў дырэктарам школ (інспектарам) Літоўскай (1795-1802), Гродзенскай (1803-1810) і Віленскай (1807) губ. У 1804 г. быў арганізатарам Свіслацкай гімназіі. З 1806 г. ганаровы чалец Віленскага ўніверсітэта, у 1805-1806 гг. адзін з рэдактароў “Віленскага дзённіка”. Жыў у эміграцыі да 1815 г. Пасля вяртання быў візітатарам урадавай камісіі школ Каралеўства Польскага (1817-1829). Пакінуў успаміны, якія ахопліваюць 1781-1808 і 1815-1819 гг. (не захаваліся), зрабіў спробу напісаць гісторыю КЧУ ВКЛ .

Патоцкі Аляксандр – старшыня камітэта ўнутраных спраў, былы вялікі канюшы, генерал Княства Варшаўскага, граф. Уладальнік маёнтка Сафіеўка пад Ігуменам. Удзельнік паўстання 1830-1831 гг.

Прозар Карл – старшыня камітэта паліцыі, былы літоўскі абозны.

Сапега Аляксандр – старшыня ваеннага камітэта да жніўня 1812 г., князь. Генерал, напалеонаўскі камергер. Памёр у выніку гангрэны ад ран, нанесяных кабаном .

Серакоўскі Юзэф (1765-1831) – граф, старшыня камітэта фінансаў, часова выконваў абавязкі старшынь камітэтаў харчавання і магазінаў, паліцыі да прыбыцця Солтана і Прозара. Вучыўся ў Варшаўскай школе піяраў, служыў сакратаром пасольства Рэчы Паспалітай у Швецыі (1789). Разам з Солтанам у чэрвені 1807 г. прадставіў Напалеону план антырасійскага паўстання на былых землях ВКЛ. У 1815 г. быў чальцом Дзяржаўнай рады Каралеўства Польскага. Даследваў славянскія старажытнасці .

Снядэцкі Ян (1756-1830)– старшыня камітэта народнай асветы і рэлігіі, астраном, матэматык, географ, філосаф, філолаг. Вучыўся ва ўніверсітэтах Кракава, Гецінгена, Ледэна, Утрэхта, Парыжа. Кіраваў кафедрамі матэматыкі (1781) і астраноміі (1782) у кракаўскай Галоўнай школе. Быў дырэктарам Кракаўскай (1792-1803) і Віленскай (1806-1825) астранамічных абсерваторый. Як прафесар быў запрошаны ў 1806 з Кракава на дапамогу Ст. Адляніцкаму-Пачобуту. У 1807-1815 гг. – рэктар Віленскага ўніверсітэта. з 1808 г. чалец-карэспандэнт Пецярбургскай акадэміі У 1824 выйшаў на пенсію. Выдаў: Геаграфія, ці матэматычнае і фізічнае апісанне Зямлі” (1804), “Сферычную геаметрыю аналітычна пакладзеную”(1817), па якім вучыліся студэнты. На працягу 18 гадоў рабіў астранамічныя назіранні і публікаваў вынікі ў Берліне, Пецярбургу. Пра ягоныя погляды гаворыць, напрыклад, такі факт, як падпіска ім у бібліятэцы ВУ на кнігу „Monumenta regum polloniae Cracoviensia” (Памятнікі права польскай Краковіі). У ЛДГА ёсць справы, у якіх захаваліся прамовы, лекцыі, біяграфіі, напісаныя Снядэцкім пра выдатных дзеячоў Рэчы Паспалітай: М.Каперніка, Касцюшцы, Г.Калантае, М. Адляніцкім-Пачобуце, графе П. Завадскім. Ён быў паплечнікам Г. Калантая .

Солтан Станіслаў (1756-1836) – старшыня Камісіі часовага ўрада ВКЛ да 24 жніўня і з 6 лістапада да 9 снежня, старшыня камітэта харчавання і магазінаў да 29 лістапада 1812 г. Са старажытнага шляхецкага роду. З 1774 ген.- ад’ютант палявой булавы ВКЛ, з 1781 – ген.-маёр войска ВКЛ, з 1787 – староста слонімскі, з 1790 – падкаморы ВКЛ. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Канстытуцыі 1791 г. і выступаў супраць таргавічан. З 1792 г. жыў у Дзятлава Слонімскага ўезда, актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794 г., за што быў арыштаваны і ў 1795 г. высланы ў Казань. Паўлам І вызвалены і ў 1797 г. прыехаў на былое месца жыхарства, дзе займаўся гаспадаркай. Пасля неўдачы “Пулаўскага плана” адраджэння ВКЛ А. Чартарыйскага (1805 г.), а затым плана М.-К. Агінскага (1810-1811 гг.), свае надзеі на гэта ўсклаў на Напалеона. Пасля роспуску Камісіі Часовага ўрада ВКЛ быў узнагароджаны Напалеонам афіцэрскім крыжам ордэна Ганаровага легіёну (28.08.1813). У красавіку 1814 быў амніставаны і вярнуўся на радзіму, дзе яму вярнулі канфіскаваныя раней маёнткі. Жыў у Дзятлава, адышоў ад палітыкі і займаўся гаспадаркай. Памёр у сваіх інфлянцкіх маёнтках, пахаваны ў Рызе .

Характарызуючы сяброў КЧУ, польскі даследчык Ю.Івашкевіч пісаў, што Ельскі, Прозар, Солтан - «слабыя голавы», хаця добрыя заслужаныя палякі, але ва ўзросце, не здольныя да энэргічнай і інтэнсіўнай працы; Патоцкі, кіраўнік унутраных спраў, не меў вопыта палітычнай дзейнасці; толькі пасля смерці А.Сапегі стаў членам А.Тызенгауз, расольскі стараста; А.Сапега - член Таварыства сяброў навук, галава прыхільнікаў Напалеона ў Літве, яго разведчык да вайны, інтрыган, прыдворны чалавек, не ведаючы армейскай справы; Ю.Серакоўскі - больш геральдыст і археолаг, чым дзяржаўны дзеяч, не ведаў ні воднай з трох спраў якімі ўзяўся кіраваць (фінансы, прадукты, паліцыя) . «Не было ў Вільні чалавека, - пісаў другі польскі гісторык М.Кукель, - які быў бы не толькі аўтарытэтам але і натхніцелем, не толькі арганізатарам, але здольным да смелай імправізацыі. Не мог яго заступіць хаця разумны і вельмі адданы польскай справе Марэт або князь Басана, міністр замежных спраў, які быў у Вільне ўвесь час кампаніі, ці моцна звязаны з Польшчай імператарскі камісар барон Біньён, а тым больш прызначаны генерал - губернатарам галандзец, генерал Гагендорп, з адміністрацыйнай практыкай на Яве і каланіяльным спосабам адносін да палякаў. Цуд магло бы зрабіць з’яўленне Касцюшкі перад магіяй яго імя: але той на запрашэнне Напалеона адмовіўся, гледзячы на ягоны дэспатызм, хаця жадаў «каб загналі расіян аж да Сібіры» .

Напалеон хацеў мець у Вільні А.Чартарыйскага, аўтарытэтнага чалавека. Князь Басана ў Вільне намякаў, што Напалеон прыняў бы карону польскую, а Чартарыйскі стаў бы віцэ-каралём. Гэтых двух «літвінаў» не хапала ў Вільні. Юзаф Панятоўскі – паляк, мог бы тут таксама нешта зрабіць, але ён патрэбен быў на чале польскага корпусу ў арміі Жерома Банапарта.

Гродзенскі дэпартамент

На ўзроўні губерні дзейнічала адміністрацыйная камісія, якая была падпарадкавана КЧУ. Яна павінна была хутка выконваць усе даручэнні КЧУ і яе камітэтаў. Складалася з трох аддзелаў: унутраных спраў і паліцыі; вайсковых спраў і харчавання; фінансавых спраў і асветы. Галоўнымі задачамі камісіі былі збор харчу; нагляд за зборам падаткаў і рэкрутаў; апублікаванне пастаноў, распараджэнняў і загадаў урадавых органаў; кантроль за іх выкананнем; выкананне экзэнцый судзебных прыгавораў; выкананне ўсіх даручэнняў КЧУ і адпраўка туды усялякай патрэбнай інфармацый [250,ф.1168,воп.1.спр.9]. Адміністрацыйная камісія Гродзенскага дэпартамента была створана 17 ліпеня, а першае паседжанне адбылося 25 ці 26 ліпеня 1812 г. На ім прысутнічалі Ігнаці Ляхніцкі, Людвік Панцэржынскі, Тадэвуш Анджэйкавіч. 18 снежня камісія правяла апошняе паседжанне

У гарадах па загаду КЧУ ад 17 жніўня 1812 г. існавала муніцыпальная рада на чале з прэзідэнтам (мэрам). У дэпартаменцкіх гарадах рада падпарадкоўвалася адміністрацыйнай камісіі, у павятовых - падпрэфектам. Яна ажыццяўляла кіраванне горадам і яго прадмесцем: загадвала мясцовай паліцыяй, гарадскімі фінансамі, выконвала ўсе патрэбы французскіх войскаў. Рада мела чатыры аддзела: 1) мясцовай паліцыі, 2) скарбавы, 3) кватэрны, які займаўся раскватэраваннем войскаў, збіраў кватэрны падатак, заведваў дамамі горада; 4) аддзел рэлігійных спраў і адукацыі . Вось гэтыя людзі, якія кіравалі мясцовай уладай у 1812 г.:

Жышкевіч Антоні (? – пасля 1836 г.) – дазорца 1–й паліцэйскай акругі Гродна, да вайны быў пісарам Гродзенскага магістрата. У 1828 г. служыў тут таксама

Забэлла Стэфан – дазорца 2–й паліцэйскай акругі Гродна. Падчас паўстання 1794 г. выконваў абавязкі куръера. Меў у Гродне сваю маёмасць .

Крэйбіх Казімір Францішкавіч (?-пасля 1823) – чалец Гродзенскай адміністрацыйнай камісіі, з 15 ліпеня – старшыня (прэзідэнт) аддзела ўнутраных спраў і паліцыі. Сын паўстанца 1794 г., гродзенскага купца і ўладальніка пасэсіі ў Гродне. У 1810 г. быў абраны прэзідэнтам Гродна, але праз нейкі час звольнены па хваробе. Меў добрую рэпутацыю: працавіты, дабрадзейны, адукаваны (ад’юнкт), здольны чыноўнік. У 1812 г. спачатку стаў інтэндантам паліцыі пры губернатары А.Ражнецкім. У 1817 г. – сябра Гродзенскага аддзялення Расійскага біблейскага таварыства. У 1819–1822 г. – прэзідэнт Гродзенскага гарадавога магістрата .

Ляхніцкі Ігнацы Юзэфавіч – чалец Гродзенскай адміністрацыйнай камісіі, верагодна, старшыня (прэзідэнт) аддзела вайсковых спраў і харчавання. Вучыўся ў Віленскай акадэміі. У 1772 г. абараніў дысертацыю і атрымаў тытулы магістра вольных мастацтваў і доктара філасофіі. Даслужыўся ў войску ВКЛ да чына палкоўніка (1788). Затым быў маршалкам Слонімскага двара ў М.-К.Агінскага, ягоным дарадцам у маёнткавых і палітычных справах. У верасні і снежні 1788 г. ездзіў ад Агінскага і віленскага ваяводы князя Радзівіла ў Берлін з палітычнай місіяй (антыкаралеўскай і антырасійскай). Пасля пасяліўся ў спадчынным маёнтку Лахнова (Ляхнова) пад Гродна і заняўся гаспадаркай. У 1793 г. на Гродзенскім сейме выбраны камісарам Літоўскай скарбавай камісіі. Жыў у Вільні, быў сябрам камітэта па яўрэйскіх справах, вількамірскім стольнікам (1793). У 1794 г. – старшыня Гродзенскай парадкавай камісіі, віцэ-прэзідэнт г. Гродна, ахвяраваў 1 000 злотаў на паўстанне. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай выконваў абавязкі ўпаўнаважанага ў маёнтках гетмана М.-К.Агінскага. За правядзенне сялянскай рэформы ў сваіх гродзенскіх маёнтках (1 530 душ у 1919 г.) атрымаў у 1810 г. ад Аляксандра І ордэн св.Уладзіміра 4-й ст. «за прывядзенне ў яснасць вучылішчных фундушаў» быў узнагароджаны ордэнам св.Ганны 2-й ст. (1810). У 1811 – прэзідэнт межавага суда Гродзенскага пав., сябра каралеўскага Варшаўскага сельскагаспадарчага таварыства. На гродзенскім сейміку 17.01.1812 г. падтрымаў план М.-К.Агінскага аб стварэнні ВКЛ пад апекай Расійскай імперыі. 27.07.1812 быў абраны дэлегатам на Генеральную канфедэрацыю Каралеўства Польскага. У 1813 дзейнічаў у камітэце вайсковых павіннасцяў, які даследаваў стан памешчыцкіх маёнткаў і ажыццяўляў пастаўкі харчавання для расійскай арміі. У 1818 адзін з заснавальнікаў Друкарскага таварыства. Ганаровы дазорца школаў Гродзенскай губерні .

Макарэвіч Станіслаў – дазорца 3–й паліцэйскай акругі Гродна. Гродзенскі абывацель, які выбіраўся ў вайтоўска-лаўнічы суд і магістрат .

Мучынскі Францішак Адамавіч – прэзідэнт гродзенскай муніцыпальнай рады, мэр Гродна. Паўстанец 1794 г., дэлегаваны з Гродна ў Найвышэйшую раду Літоўскага народу. Прыбыў у Вільню 22 мая з акцэсам Гродна аб далучэнні да паўстання. У 1817 г. старшыня 2-га дэпартамента Гродзенскага галоўнага суда, выбраны дырэктарам Гродзенскага аддзялення Расійскага біблейскага таварыства .

Панцэржынскі Людвік К. – калежскі дарадца, павятовы маршалак (1798-1809), гродзенскі губернскі маршалак (1809-1815), старшыня Гродзенскай канфэдэрацыйнай рады, якая дзейнічала да 17 ліпеня 1812 г.

Радзівіл Міхал – начальнік жандармерыі Гродзенскага дэпартамента, палкоўнік, князь. Удзельнік паўстання 1830-1831 гг., галоўнакамандуючы войск (20.01 – 26.02.1831)

Урсын - Нямцэвіч Ян (1758-1841) – з 28 жніўня чалец Гродзенскай адміністрацыйнай камісіі, верагодна, старшыня (прэзідэнт) аддзела фінансавых спраў і асветы. Зкончыў Рыцарскую акадэмію ў Варшаве і стаў ад’ютантам А. Чартарыйскага (1777). Як пасол Чатырохгадовага сейму ўдзельнічаў у распрацоўцы Канстытуцыі 3 мая 1791 г. З гэтага часу быў сябрам Адукацыйнай камісіі. З 1792 па 1794 г. жыў у эміграцыі, затым быў ад’ютантам А.-Т. Касцюшкі пад час паўстання 1794 г. Пад Мацеёвіцамі трапіў у палон, сядзеў у Петрапаўлаўскай крэпасці, адкуль быў вызвалены ў 1796 г. Паўлам І. Выехаў разам з Касцюшка ў ЗША. У 1807 г. вярнуўся і займаў пасаду сакратара Сената Княства Варшаўскага, з 1815 – сакратар Сената Каралеўства Польскага. Удзельнічаў у паўстанні 1830-1831 гг., а пасля яго паражэння эміграваў .

Шастакоўскі – памешчык Гродзенскай губ., з 25.09.1812 камандзір Народнай гвардыі (апалчэння) у Гродне, капітан. Лічыла 2 кампаніі на 119 чалавек. 1/3 была абмундзіравана за кошт горада. У пачатку снежня паслаў ахову для варты кас Гродзенскага дэпартамента і павета .

Вось якую характарыстыку даў сябрам Гродзенскай адміністрацыйнай камісіі даў нейкі расійскі служачы, які ў 1836 г. збіраў звесткі для гісторыі Міхайлоўскага-Данілеўскага: “З папер Камісіі бачны гатоўнасць і незвычайная стараннасць яе чыноўнікаў” .

Апошняя армія ВКЛ

Ваенны камітэт КЧУ ВКЛ займаўся фарміраваннем беларуска-літоўскай арміі. Не гледзячы на цяжкасці (павялічаныя расійскія рэкруцкія наборы апошніх гадоў, несумленнасць шляхты, якая давала ненайлепшых сялян; недахоп грошай, узбраення, абмундзіравання), яму ўдалося сфарміраваць 5 пяхотных палкоў (№ 18-22, кантаністы з беларускіх земляў трапілі ў палкі № 20, 21), 4 уланскіх палка (№17-20; адпаведна – ў № 19 і 20), 3 егерскіх (стралецкіх) батальёна (2 у Мінскім дэпартаменце, 1 у Віленскім, на стадыі арганізацыі знаходзіўся батальён у Гродзенскім дэпартаменце), атрады Народнай гвардыі (у Вільне, Гродне, Слоніме, Нясвіжу, Беластоке), жандармерыю (Гродзенскую, Віленскую, Мінскую). Акрамя таго Ваеннаму камітэту падпарадкоўваліся вайсковыя часткі, створаныя на грошы магнатаў: коннаегерскі полк І.Манюшкі, уланскія полкі Л.Паца і Д.Радзівіла, гусарскі полк М.Абрамовіча, полк конных стралкоў Любаўскага, коннаартылярыйская рота Р. Тызенгаўза. Агульная колькасць беларуска-літоўскай арміі дасягала 19 тыс. чалавек . Сярод іх былі наступныя камандзіры:

Абрамовіч Мікалай (1788 - 1835) - камандзір гусарскага палка, створанага за ўласны кошт, падпалкоўнік (29.08.1812). Дзедзіч Варнян (цяпер Астравецкі раён Гродз.вобл.), уладальнік сядзібы ў Вільні. Былы межавы суддзя і маршалак Віленскага ўезда. У 1812 г. працаваў у камітэце ўнутраных спраў КЧУ ВКЛ. У лістападзе здзейсніў паездку з Вільні да Напалеона на Беразіну, перадаў лісты ад князя Басана. Удзельнічаў у напалеонаўскіх кампаніях 1813 і 1814 гг. Узнагароджаны польскім кавалерскім крыжам і афіцэрскім крыжам Ганаровага Легіёна (1813). У 1818 г. шляхтай Віленскай губ. быў выбраны дэлегатам для прадстаўлення Аляксандру І праекта паляпшэння сялянскага быту. Яшчэ ў 1829 г. цудоўна вальтажыраваў на кані і мог з яго падымаць з зямлі хустачкі. У кастрычніку 1835 г. зкончыў жыццё самагубствам ці быў павешаны (магчыма за дапамогу Навасільцаву падчас следства над філаматамі і віленскаму губернатару ў 1831 г. .

Абуховіч Ксаверы Юзэфавіч (1766-пасля 1812) – камандзір 20-га ўланскага палка, палкоўнік. Сын навагрудцкага падваяводы Юзэфа Абуховіча і Францішкі Гінтар. Ваўкавыскі грамадзянска-вайсковый камісар (1789), шамбелян (1791), навагрудцкі земскі суддзя (1792-1797). Пазней калежскі асэсар (1797), у 1810-1811 гг. старшыня ІІ дэпартамента Мінскага галоўнага суда. Валодаў маёнткам Востраў Ігуменскага ўезда Мінскай губ.

Ахматовіч Мустафа Мірза – шэф Татарскага эскадрона, створанага часткова за свой кошт пасля дазволу генерал-губернатара Літвы графа Гагендорпа, палкоўнік. У 1786 г. быў ротмістрам ІУ палка Пярэдняй аховы літоўскага войска. У паўстанні 1794 г. быў падпалкоўнікам, удзельнічаў у баі пад Новай Мышшу (каля Баранавіч) і ў дыверсійным рэйдзе С. Грабоўскага на Беларусь, дзе трапіў у палон да расіян. У 1812 г. Татарскі эскадрон быў уключаны ў першы ўланскі полк польскай гвардыі Апублікаваў некалькі адозваў “Да народа татарскага”.

Бішпінг (Біспінг) Адам – камандзір 20-га пяхотнага палка, палкоўнік, барон

Гедройц Рамуальд (1750-1824) – начальнік штаба арміі ВКЛ, дывізіённы генерал, генерал-інспектар, князь. У вайсковай службе з 1765 г. Ваяваў з расіянамі ў вайне 1792 г. у чыне генерал-маёра. Удзельнічаў у паўстанні Касцюшкі, папаў у палон, потым эміграваў у Францыю. З 1797 г. жыў у Літве, дзе склаў патаемную патрыятычную арганізацыю. У лютым 1813 г. папаў у палон і быў сасланы ў Архангельск. Вярнуўся на радзіму ў 1814 г. Памёр у Варшаве .

Гелгуд Антоні – другі камандзір 21-га пяхотнага палка, палкоўнік. Генерал Гелгуд удзельнічаў у паўстанні 1830-1831 гг. і быў застрэляны пры пераходзе яго вайсковай часткі ў Прусію адным з афіцэраў “за здраду” (магчыма маецца на ўвазе затрымка штурму Вільні ў 1831) .

Канопка Ян (1775-1815) – камандзір 3-га гвардзейскага літоўскага швалежэрскага палка, брыгадны генерал. Ураджэнец Скоўдзічы пад Слонімам, сын небагатага шляхціца. Удзельнік руска-польскай вайны 1792 г. і паўстання 1794 г. Пасля яго паражэння эміграваў і ўступіў у французкую армію, а затым у сфарміраваны ў Італіі Польскі легіён (у 1797 г. капітан). Праславіўся ў бітвах пры Трэбіі і Баско. У кампаніі 1805-1806 гг. ваяваў у Італіі на чале эскадрона польскіх улан. У 1806 г. Я.Дамброўскі, які фарміраваў новую польскую армію, прызначыў яго маёрам у 5-ы коннаегерскі полк. За бітву пад Фрыдландам атрымаў з рук Напалеона ордэн Ганаровага Легіёна. На чале Надвіслінскага ўланскага палка ваяваў у Іспаніі, даслужыўся да чына брыгаднага генерала. У 1812 г. узброенны полк прывёў з Варшавы ў Слонім. Праграў тут бітву 20.10.1812 г. праціўніку, які больш чым у 6 разоў перавагаў яго. Папаў у палон, утрымоўваўся ў Санкт-Пецярбурзе, дзе часта хварэў. Пасля падзення імперыі Напалеона, вярнуўся ў Польшчу, ўзначаліў 1-ю ўланскую брыгаду. 20.12.1814 памёр у сваёй в. Дуброўка Слонімскага ўезда і быў пахаваны ў м. Дзятлава (па іншым дадзеным у Варшаве) .

Касакоўскі Юзэф Дамінік (1771-1840) – камандзір Мінскіх стральцоў (егераў). Сын Браслаўскага ваяводы, пасол на Чатырохгадовы сейм, таргавічанін. У вайсковай службе з 1790 г. (ротмістр нацыянальнай кавалерыі ў гусарскай брыгадзе ВКЛ). С 1793 шэф 2-га палка пяхоты ВКЛ. У ліпені 1812 увайшоў у склад вайсковага камітэта. Сабраныя ў Мінскім дэпартаменце 2 батальёна літоўскіх стральцоў склалі полк пешых стральцоў пад кіраўніцтвам Касакоўскага (724 чал.). Ваяваў пад Койданавым, Барысавым, Студзянкай, Стахавым, пры пераправе праз Бярэзіну, на Панарскім узвышшы пад Вільна. У студзені 1813 атрымаў чын палкоўніка, за ўдзел у напалеонаўскай кампаніі 1813 быў узнагароджаны крыжам Ганаровага легіёну, ордэнам Каралеўства Абодвух Сыцылій. Пасля амністыі вярнуўся на радзіму, звольніўся з вайсковай службы і жыў у Варшаве. Напісаў успаміны часоў 1801-1815 гг. (рукапіс). У час паўстання 1830-1831 падпісаў акцэс Віленскай губ.

Курчэўскі Андрэй – з 23.11.1812 камандзір Гродзенскіх стральцоў (егерскага батальёна), маёр

Любаўскі – камандзір полк конных стралкоў

Манюшка Ігнаці (1787-1869) – камандзір коннаегерскі полк, палкоўнік. Паходзіў са шляхецкага роду герба “Крыўда”, валодаў маёнткамі Смілавічы і Шыпяны Ігуменскага ўезда Мінскай губ. харунжы Ігуменскі, маршалак шляхты Ігуменскага ўезда .

Пац Людвік (? – не пазней 1839) – камандзір уланскага палка. Падчас паўстання 1830-1831 гг. ваяваў у чыне генерала і быў паранены пад Астраленкай. Пасля жыў за мяжою і зрэдку прыязджаў на радзіму, каб праведаць родных у Паставах, Дабраўлянах (Смаргонскі раён) .

Пшэздзецкі Караль – першы камандзір 21-га пяхотнага палка, палкоўнік. Валодаў маёнткамі Смаргонь і Войстам, дзе стварыў узорныя гаспадаркі. Падчас паўстання 1830-1831 гг. узначаліў найвялікшы паўстанцкі атрад (2580 чал.), які дзейнічаў у Ашмянскім уезде. Пасля паражэння перайшоў прускую мяжу, захварэў і памёр у Познані .

Радзівіл Дамінік Геранім (1786-1813) – камандзір 8-га уланскага палка Княства Варшаўскага, сфарміраваннага за свой кошт у 1811 г. Князь, паходзіць з магнацкага роду ВКЛ, ураджэнец Нясвіжа. З 1790 г. спадчаннік валоданняў нясвіжскай лініі Радзівіллаў, адзін з самых багатых людзей таго часу. Ахфяраваў на армію Княства 180 тыс. злотых і на вайсковую адукацыю – 36 тыс. злотых. У 1811 г. сфармаваў на свой кошт 8-ы полк уланаў і стаў яго камандзірам у чыне палкоўніка. Удзельнічаў у паходзе напалеонаўскай арміі на Расію, адышоў з ёю на захад і ваяваў у кампаніі 1813 г. 30 кастрычніка быў смяротна паранены ў бітве пад Ганаў. У сувязі з адмоваю ад царскай амністыі, яго маёнткі былі секвестраваны, а затым перададзены прускаму падданаму кн. Антонію Генрыху Радзівіллу .

Раецкі Канстанцін – камандзір 19-га ўланскага палка, палкоўнік

Рышкевіч Міхаіл – камандзір 17-га ўланскія палка, палкоўнік

Тызенгаўз Канстанцін (1786-1853) – камандзір 19-га пяхотнага палка, палкоўнік. Ураджэнец м. Жалудок Лідскага ўезда Гродзенскай губ. Вучыўся ў Я. Рустэма жывапісу. У будучым стаў вядомым арнітолагам, стварыўшым у сваім маёнтку Паставы арніталагічны музей, карцінную галярэю, багатую бібліятэку. Як гаспадар славіўся вырошчваннем ракішскага ільну, вытворчасцю пастаўскай шэрсці і сыроў .

Тызенгаўз Рудольф (? – 1830 ці 1831) – камандзір коннаартылярыйскай роты, створанай за ўласны кошт у м. Жалудок Лідскага ўезда Гродзенскай губ.(124 чал. і 131 конь, 12 гармат). Брат Канстанціна, які апекаваўся яго дачкамі пасля смерці .

Хадкевіч Аляксандр – камандзір 19-га пяхотнага палка, палкоўнік

Чапскі (Гутэн-Чапскі) Станіслаў (1779-1844) – з 13.07 камандзір 22-га пяхотнага палка, палкоўнік. Был бліжэйшым сябрам князя Дамініка Радзівіла, ад якога атрымаў у 1811 г. маёнтак Кейданы. Удзельнічаў у баях пад Новым Сверженем, Койданава, на Бярэзіне, у нямецкай кампаніі 1813 г. Узнагароджаны крыжамі Віртуці Мілітары і Ганаровага легіёну. Да 1815 г. быў у Парыжу, а потым вярнуўся на радзіму, дзе яму вярнулі секвестраваны маёнтак .

Такім чынам, мы паказалі толькі частку асобаў ВКЛ 1812 г., якія ўдзельнічалі на баку Напалеона: яны працавалі ў Часовым урадзе ВКЛ, органах Гродзенскага дэпартамента, або служылі ў апошнім беларуска-ліцвінскім войску для таго, каб адрадзіць сваю дзяржаву.
_____________
Падрабязней пра расійскія і французскія погляды на Беларусь глядзі: Швед В.В. Паміж Польшчай і Расіяй: грамадска-палітычнае жыццё на землях Беларусі (1772-1863 гг.). – Гродна: ГрДУ, 2001. – С 269-288; Швед В.В. Заходні рэгіён Беларусі ў часы напалеонаўскіх войнаў / В.В. Швед, С.У. Данскіх. – Гродна: ГрДУ імя Я. Купалы, 2006. – С. 51-58.
Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі. Т. 2. – Мінск, 1940. – С. 43.
Iwaszkiewicz J. Litwa w roku 1812. – Kraków-Warszawa, 1912. – C. 150; Швед В.В. Дыстрыкт / В.В. Швед //
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі (далей ЭГБ). Т. 3. – Мн.: БелЭн, 1996. – С. 372; Ён жа. Дэпартамент / В.В. Швед // Там сама. – С. 342.
Швед В.В. Масоны і ложы на землях Беларусі (канец ХУІІІ – першая чвэрць ХІХ ст.). – Гродна: ГрДУ, 2007. – С. 110-111.
Беларусь и война 1812 года: Документы / Сост. А.М. Лукашевич, Д.Л. Яцкевич. – Мн.: Беларусь, 2011. – С. 454; Polski słownik biograficzny (далей PSB). T. ХI. – Kraków, 1964 -1965. – C. 152.
Беларусь и война 1812 года… – С. 453-454; PSB. T. ХIV. – Kraków, 1968 -1968. – С. 272-274.
Puzynia G. W Wilnie i w dworach litewskich. Pamiętnik z lat 1815-1843. – Wilno, 1990. – C. 155.
Лякин В.А. Белорусские поля сражений 1812 года / В.А. Лякин. – Мозырь: КПУП «Колор», 2009. – С. 23.
Беларусь и война 1812 года… – С. 452, 453.
Беларусь и война 1812 года… – С. 454; Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў, ф. 721, воп. 1, спр. 19, а 17 аб.; спр. 174, а. 5, 7; воп. 2, спр. 73, а. 1; ф. 1511, воп. 1, спр. 23, 27, 28.
Беларусь и война 1812 года… – С. 452-453.
Iwaszkiewicz J. Litwa w roku 1812... – С. 79, 132.
Kukiel M. Dzieje Polskie porozbiorowej 1795 – 1921. Wyd. 4. – Paris, 1984. – C. 148-149.
Швед В.В. Заходні рэгіён... – С. 92, 93.
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей НГАБ) у Гродне, ф. 1168, воп. 1., спр. 2, а. 1-9.
Швед В.В. Губернскі Гродна: Аповяды з гісторыі горада (канец ХУІІІ ст – пач. ХХ ст.) / В.В. Швед. – Баранавічы: Баран. узб. друкарня, 2003. – С. 63.
Беларусь и война 1812 года… – С. 456.
Швед В.В. Масоны і ложы… - С. 162.
Швед В.В. Масоны і ложы… - С. 173.
Беларусь и война 1812 года… – С. 456.
Iwaszkiewicz J. Litwa w roku 1812… – C. 150; Беларусь и война 1812 года… – С. 457; Швед В.В. Губернскі Гродна… – С. 63; Żytkowicz. Litwa i Korona w r. 1794// Ateneum Wilienskie. – Wilno. – 1937. – S. 546.
Швед В.В. Губернскі Гродна… – С. 12-13.
Powstanie Listopadowe. 1830-1831. Dzieje wewnętrzne. Militaria. Europa wobec powstania. – Warszawa: PWN, 1990. – C. 271.
Беларусь и война 1812 года… – С. 454.
НГАБ у Гродне, ф. 1168, вып. 1, спр. 9, а. 71 аб. 73
НГАБ у Гродне, ф. 1, воп. 19, спр. 1141, а. 122.
Швед В.В. Фарміраванне і дзейнасць арміі ВКЛ (1812-1815 гг.) / В.В. Швед // Весн. Брэсц. Ун-та. – 2000. - № 1. – С. 386; Ён жа. Літоўскія войскі 1812 / В.В. Швед // ЭГБ. Т. 4. – Мн.: БелЭн, 1997. – С. 386.
PSB. T. I. – Kraków, 1935. – C. 15; Puzynia G. W Wilnie i w dworach litewskich… - С. 55, 112, 113, 206.
Беларусь и война 1812 года. – С. 441.
Швед В.В. Заходні рэгіён… - С. 108; PSB. T. I. – Kraków, 1935. – C. 18-19.
Швед В.В. Заходні рэгіён… - С. 110; Belecki R. Encyklopedia wojen Napoleonowskich. – Warszawa: Wyd-wo TRIO, 2002. – S. 190.
Puzynia G. W Wilnie i w dworach litewskich... – C. 82, 146.
Историческая записка о событиях в Гродненской губернии в 1812 г., составленная в 1836-1837 г гродненским кражданским губернатором // Акты, документы и материалы для политической и бытовой истории 1812 года. Сб. РИО. Т. 128. – СПб., 1909. – С. 436, 449; Лякин В.А. Белорусские поля… - С. 130-131, 135; Belecki R. Encyklopedia wojen Napoleonowskich... – С. 323, 522.
PSB. T. ХIV. – Kraków, 1968-1969. – C. 274-276.
Беларусь и война 1812 года… - С. 438.
Puzynia G. W Wilnie i w dworach litewskich… – C. 130, 152, 271.
Puzynia G. W Wilnie i w dworach litewskich… – C. 13, 144, 152; Швед В.В. Паміж Польшчай і Расіяй… - С. 316, 414.
Беларусь и война 1812 года… - С. 442-443; Belecki R. Encyklopedia wojen Napoleonowskich… - С. 488.
Беларуская энцыклапедыя. Т. 16. – Мн.: БелЭн, 2003. – С. 73; Puzynia G. W Wilnie i w dworach litewskich… - С. 137, 139-141, 359,
НГАБ у Гродне, ф. 1168, воп. 1., спр. 8, а. 66-66 адв.; Лякин В.А. Белорусские поля… - С. 23; Puzynia G. W Wilnie i w dworach litewskich… - С. 345.
PSB. T. IV. – Kraków, 1938. – C. 194.
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.

Комментарии:

Оставить комментарий
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.